СВІДЭ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі на тэр. Польшчы і Беларусі (бас. рэк Віслы, Нёмана, Прыпяці) у сярэдзіне 9 — пач. 8-га тыс. да н.э. Назва ад помніка каля в. Свідры-Вельке (Польшча). У самастойную культуру вылучыў у 1923 польскі археолаг Л.Казлоўскі. Плямёны жылі ва ўмовах тундры. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. аленя. Стаянкі кароткачасовыя адкрытага тыпу, жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбленыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Інвентар — наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, скоблі, адна- і двухпляцовачныя нуклеусы. Большасць прылад выраблялі з пласцін. Насельніцтва С.к. стала генетычнай асновай сожскай (днепра-дзяснінскай), нёманскай, бутаўскай і кундскай мезалітычных культур лясной паласы еўрап. часткі былога СССР.
У.П.Ксяндзоў.
т. 14, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)